У Ерэване адкрыўся двухдзённы нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. У афіцыйных планах сустрэча Беларусі і Расеі не пазначана. “Магчыма, Лукашэнка будзе шукаць механізмаў урэгулявання апошняга – інфармацыйнага – канфлікту з Масквою”, – мяркуе палітолаг Павал Усаў.
У праграме цяперашняга саміту – як працоўныя пункты, так і культурныя: прэзідэнты наведаюць возера Севан. У межах ерэванскай сустрэчы магчымае правядзенне асобных двухбаковых сустрэчаў прэзідэнтаў, адзначыў памочнік кіраўніка Расеі Сяргей Прыходзька. На думку палітолагаў, менавіта такія нефармальныя сустрэчы бакі могуць выкарыстаць для прымірэння, пры гэтым палітыкі “не страцяць твару”.
“Гэты канфлікт быў збудаваны вакол таго, што Лукашэнка будаваў свой імідж пераможцы Крамля ды алігархаў, і не выпадае яму цяпер “паўзці на каленях” да Масквы, да Мядзведзева”, – упэўнены палітолаг Павал Усаў. Аднак, на думку эксперта, гэтым разам толькі словаў для прымірэння будзе мала: Масква чакае ад Лукашэнкі канкрэтных крокаў. Напрыклад, прызнання Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі або выдачы Бакіева.
Варта таксама адзначыць, што 18 жніўня намеснік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Аляксей Громаў пацвердзіў гатовасць Масквы апублікаваць стэнаграму з абяцаннямі прэзідэнта Беларусі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, дадзенымі на адным з паседжанняў кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ. // belsat.eu














Комментарии