Чорнаскуры беларус Андрусь Такінданг, які зараз па АНТ вучыць гледачоў беларускай мове, пачынаў свае лінгвістычныя практыкаванні з вёскі.
— У дзяцінстве я шмат хварэў, таму мама адправіла мяне да бабулі з дзедам на малако ў вёску Чэрцы Лепельскага раёна, — распавядае Андрусь “Народнай газеце”. — Мы трымалі карову, каня, свіней. Я пазнаёміўся з вясковай працай.
Такінданг ведае, што зараз у вёсцы жыць няпроста: многія п’юць, моладзь з’язджае ў горад... Але лічыць, што ўсё ж “там класна”:
— Вялікая прастора, цудоўная прырода. З аднаго боку, у вёсцы вельмі свабодна, а з другога — там увесь час працуеш. Як выгнала бабуля карову з хлява раніцай, так і пачалася праца. Хаця што мне расказваць пра вясковае жыццё? Думаю, большасць гараджан яшчэ не згубіла сувязі з вёскай.
У вёсцы, паводле Андруся, ён размаўляў у асноўным на трасянцы. А пасля паступлення ў каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка патрапіў у беларускамоўнае асяроддзе.
Бывае мастак, спявак і тэлевядоўца на радзіме бацькі – у Чадзе.
—У параўнанні з Беларуссю там усё па-іншаму. Напрыклад, вельмі вялікая градацыя паміж беднымі і багатымі. Побач можна ўбачыць шыкоўны палац і хібару. Грамадства ў Чадзе не самае спакойнае. У краіне ёсць партызаны, якія змагаюцца з урадам.
Беларусы, на думку Андруся, больш “унурлівыя, яны жывуць у сваіх думках і марах”. А вось у Чадзе людзі — як дзеці:
— Яны вельмі эмацыйныя. Калі мужчыны ідуць кудысьці разам, яны могуць трымацца за рукі. Цяжка ўявіць сабе нешта падобнае ў Мінску.
Барыс ЖАЎТКОЎ, “МЫ”














Комментарии