Нападаючы хакейнага мінскага "Дынама" Джэф Плат у інтэрв'ю "Прэсболу" распавёў пра тое, чаму сарваўся ягоны пераход у маскоўскі ЦСКА: аказалася, што лепшы форвард КХЛ у студзені застаецца гуляць у Беларусі дзякуючы прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.
"Шчыра скажу, зусім не хацелася нікуды з'язджаць. Мне падабецца ў Мінску. Але ў КХЛ у гульца да 28 гадоў фактычна няма магчымасці распараджацца лёсам... Наколькі я ведаю, Вячаслаў Фяцісаў звяртаўся нават асабіста да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адпусціць мяне ў Маскву. Але беларускі прэзідэнт клапоціцца пра вынікі "Дынама" і таму не даў дазволу на пераход", - прызнаўся канадскі легіянер.
Можна спрагназаваць, што гэта яшчэ больш паспрыяе распаўсюджванню чутак пра тое, што ў Беларусі хочуць натуралізаваць Джэфа Плата, каб той пачаў гуляць за нашу зборную.
Дарэчы, яе галоўны трэнер Міхаіл Захараў у інтэрв'ю "Спартовай панараме" нядаўна заявіў наконт мажлівай натуралізацыі замежцаў: "Хочуць выступаць за Беларусь - дзверы адчыненыя. Плат, дапусцім, дакладна бы нам не перашкодзіў. Бразільцы ж вунь у футболе па ўсім свеце гуляюць".
Сам Плат пра зборную Беларусі і Алімпіяду, якая неўзабаве пачынаецца, сказаў жартоўна: "Быў бы шчаслівы, каб мяне ўключылі ў зборную Беларусі хаця б для таго, каб насіць клюшкі". Зрэшты, невядома ў якую зборную 24-гадоваму хакеісту лягчэй трапіць - беларускую ці канадскую.














Комментарии