Найбліжэйшым часам Рада руху "За Свабоду" вызначыцца з фарматам удзелу ў кампаніі па выбарах прэзідэнта, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Юрый Губарэвіч.
У шэрагу беларускіх СМІ з`явілася інфармацыя пра тое, што лідэр руху Аляксандр Мілінкевіч можа адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, а частка каманды Мілінкевіча ў гэтым выпадку падтрымае яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта — Алеся Міхалевіча. "У нас пакуль ёсць адзінае рашэнне аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. І зараз такая падрыхтоўка ідзе: раздаюцца інфармацыйныя буклеты, тэзісы перадвыбарнай праграмы Мілінкевіча, ствараюцца штабы", — пракаментаваў гэтую інфармацыю Губарэвіч.
Аднак, паводле яго слоў, існуюць таксама ўмовы, вылучаныя Мілінкевічам для ўдзелу ў выбарах. "Гэта змяненне выбарчага заканадаўства ў частцы допуску прадстаўнікоў кандыдата ў прэзідэнты ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Ад таго, наколькі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, залежыць і ўдзел Мілінкевіча ў выбарах. Мы зыходзім з таго, што выбары будуць аб`яўленыя ў першай дэкадзе верасня. Таму пасля прызначэння даты выбараў Рада руху "За Свабоду" будзе вырашаць, у якім фармаце браць удзел у выбарах і ці будзе сам Мілінкевіч у іх удзельнічаць", — заявіў Губарэвіч.
Што да пераходу часткі актывістаў у каманду Алеся Міхалевіча, то Губарэвіч сказаў, што гэта не абмяркоўвалася.
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Алесь Міхалевіч таксама зазначыў, што не вёў ніякіх перамоў з актывістамі руху "За Свабоду" аб сваёй падтрымцы.














Комментарии