Інтэрв’ю вядоўцы праграмы "Госць "Белсату" Паўла Мажэйкі з колішнім прэзідэнтам Польшчы асабліва цікавае і актуальнае з улікам скандальных падзеяў вакол польскай меншасці у Беларусі, што – як праява парушэння правоў чалавека – нібыта паставіла пад пагрозу нядаўняе пацяпленне стасункаў нашай краіны з Еўропаю.
І Аляксандр Квасьнеўскі ў гэтым плане – асоба ўплывовая. Пасля адстаўкі з пасады прэзідэнта Польшчы палітык робіць паспяховую міжнародную кар’еру. Што да Беларусі, то Квасьнеўскі быў кіраўніком няўрадавай арганізацыі "Belarus Task Force" – па сутнасці, працоўнай групы міжнароднай супольнасці для стварэння стратэгіі адносінаў з Беларуссю. Польскі палітык вядомы таксама як актыўны прыхільнік дыялогу Еўропы з рэжымам у Беларусі, нават у часы "безумоўнай" дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.
Дарэчы, Квасьнеўскі – адзін з нешматлікіх еўрапейскіх палітыкаў, які сустракаўся з кіраўніком Беларусі. Прычым двойчы.
Павел Мажэйка распавёў, што наконт сітуацыі з Саюзам палякаў пазіцыя Аляксандра Квасьнеўскага менш катэгарычная, чымся ў бальшыні польскіх палітыкаў. А тамтэйшыя мас-медыі, на думку экс-прэзідэнта, перагінаюць палку, кажучы пра этнічны канфлікт.
Анджэліка Борыс на адной з прэс-канферэнцыяў заявіла, што большасць беларускіх палякаў лічаць сваім прэзідэнтам Леха Качыньскага. Квасьнеўскі на гэта ветліва зазначыў, што яна найперш грамадзянка Беларусі ды мусіць гэта разумець.
Квасьнеўскі адказаў і на пытанне наконт таго, ці здольны Лукашэнка на нейкія змены, паведамляе сайт "Белсату".
"Я прызнаю сілу Аляксандра Лукашэнкі і лічу, што ў палітыцы ён умела выкарыстоўвае шмат якія інструменты. Гэта не слабы палітык. Я веру ў тое, што ён хоча пакінуць пасля сябе след. След большы, чымся толькі ўлада. Я веру ў тое, што ён жадае бачыць Беларусь суверэннай і моцнаю краінаю", – заявіў былы прэзідэнт Польшчы ў эфіры "Белсату".
Гутарка з Аляксандрам Квасьнеўскім, які быў прэзідэнтам Польшчы ў 1995–2005 гг., выйдзе на канале "Белсат" 26 лютага, у пятніцу, а 20:35.















Комментарии