У конкурсе XVI міжнароднага фестывалю рэгіянальных тэлевізіяў бралі ўдзел 94 фільмы і тэлепраграмы з розных краінаў свету. Пераможцаў узнагародзілі ў дзевяці намінацыях. Галоўную ўзнагароду – “Залаты Жабрак для найлепшага рэгіянальнага тэлеканалу” – атрымаў дакументальны фільм “Днюка”, зняты ў 2009 годзе маладымі беларускімі кінадакументалістамі Андрэем Куцілам і Аляксандрам Налівайкам.
Разам з “Днюкаю” за ўзнагароды змагаліся 13 іншых беларускіх дакументальных фільмаў і праграмаў. Але менавіта стужку “Белсату” журы адзначыла галоўнаю ўзнагародаю “за спосаб прадстаўлення часам жудаснай рэчаіснасці штодзённага жыцця ў Беларусі і за выдатны выбар герояў і здымкі”.
Здымкі адбываліся ў невялікай вёсцы Лышча на Піншчыне. “Днюка” распавядае пра звычайную палескую вёску. У малой хаце, аздобленай даматканымі ручнікамі, сядзяць побач бабуля з дзядком: Антаніна Астапава і дзед Віктар. Ён п’е і пытаецца, навошта чалавек жыве на свеце. Узімку сумна, але калі прыходзіць вясна, прырода адраджаецца, а разам з ёю – людзі ды жывёла. Жыццё працягваецца, але бабуля ўздыхае цяжка. Гэта вельмі маляўнічы і натуралістычны вобраз мікракосмасу людзей старога веку. Часам смешны, часам – журботны.
.jpg)
Андрэй Куціла падзяліўся з прэс-службай “Белсату” ўражаннямі ад фестывалю і распавеў пра фільм.
Сяргей Пеляса: Адкуль узялася назва фільму “Днюка”, што азначае гэтае слова?
А.К.: Назва фільму сышла з вуснаў саміх герояў. Эквівалента слову “днюка” ні ў воднай мове няма, нават у беларускай, цяжка растлумачыць, гэта мясцовы дыялект, які можна зразумець як “пражыванне”, “быццё”, але з адценнем маруднасці і нібы абыякавасці да жыцця, дзе галоўнае пражыць дзень, таму і ў ангельскім варыянце назва фільму гучыць як “Забіць дзень”.
С.П. Першыя ўражанні ад фестывалю?
А.К. У славацкі горад Кошыцэ з’ехаліся рэжысёры з многіх краінаў свету, таму перш за усё фестываль гэта зносіны як чалавечыя, так і прафесійныя, магчымасць пабачыць, якую прадукцыю робяць іншыя каналы. Між іншым, упэўніўся, што “Белсат” на фоне астатніх выглядае цалкам якасна. Увогуле многія здзіўляліся, як за невялікі бюджэт мы можам рабіць такія рэчы.
С.П. Як успрынялі ды чаму так высока ацанілі твой фільм у Славакіі?
А.К. Адзін з членаў журы ў прыватнай размове сказаў, што фільм нагадвае яму паэму. Вельмі прыемнае параўнанне. Кожны адзначаў шчырасць і натуральнасць кінаапавядання, асабісты аўтарскі погляд, назіранне без ціску на герояў і рэчаіснасць. Канешне, цікава было гледачам менавіта назіраць за некторымі падрабязнасцямі беларускага ладу, адчуваць фальклорныя матывы. Атрымалася, у звычайнай беларускай вёсцы, нягледзячы на цяжкасці быту, сваркі і лаянкі, можна разглядзець гарманічныя адносіны паміж чалавекам і прыродай, мужчынай і жанчынай.
Калі нацыянальнае пераўтвараецца ў наднацыянальнае, гэта можа мець пэўны водгук. Што і адбылося. Я да апошняга не верыў, што атрымаю галоўную ўзнагароду фэстывалю і быў шалёна шчаслівы, бо яна першая такога ўзроўню і запомніцца на ўсё астатняе жыццё!














Комментарии