Журналіст, карыстальнік LJ hurnievic правёў эксперымент, які вызначыў, “ці патрэбныя кандыдатам у прэзідэнты “працоўныя рукі”.
- Стварыўшы фіктыўныю скрынку на tut.by я стаў Сашам Волкавым. Ад імя невядомага нікому грамадзяніна РБ я даслаў лісты 10-ці прэтэндэнтам у кандыдаты (Саннікаў, Рымашэўскі, Глушакоў, Статкевіч, Някляеў, Раманчук, Мілінкевіч, Міхалевіч, Фралоў, Костусеў).
Змест ліста, разасланага ў суботу, быў прыкладны такі самы да ўсіх.
“Здравствуйте, меня зовут Саша Волков. Я живу в Воложине. Хотел бы помогать Ярославу Романчуку в избирательной компании. Мне 27 лет, есть машина. Жду ответа. Жыве Беларусь!”
альбо: “Хвала Хрысту. Мяне завуць Саша Волкаў. Мне 27 год. Хацеў бы дапамагаць Віталю Рымашэўскаму ў выбарчай кампаніі. Жыву ў Бешанковічах. Чакаю адказу. Жыве Беларусь”.
Першымі на прапанову адгукнуліся хрысціянскія дэмакраты.
Сашу Волкаву параілі напісаць каардынатару БХД па Віцебскай вобласці. У адказе было прапанавана:
1. Далучыцца да ініцыятыўнай групы і збіраць подпісы.
2. Магчыма, каардынаваць кампанію Віталя у Бешанковічах.
3. Магчыма, нешта іншае.
Затым быў адказ ад Беларускай партыі “Зялёныя”. Старшыня Алег Новікаў папрасіў нумар мабільніка, каб паразмаўляць.
У панядзелак мне напісалі з БСДП “Грамада” і далі мабілку сп. Фралова, каб я мог з ім дамовіцца пра магчымыя шляхі супрацы.
І ўчора ўвечары я атрымаў апошні ліст ад кампаніі “Гавары праўду”. Спадарыня паведаміла, што перадала мае каардынаты патрэбным людзям, якія са мной звяжуцца (пакуль, дарэчы, так і не звязаліся).
Рэшта, а гэта ажно 6 прэтэндэнтаў, не адказалі. Вядома, прычыны могуць быць розныя: для кагосці неістотныя Валожын альбо Бешанковічы, у кагосці столькі людзей, што ім проста непатрэбная дадатковая дапамога, а хтосьці можа і не атрымаў мой мэйл (што досыць малаверагодна, бо рапартаў аб адмове Саша Волкаў не атрымоўваў).
Вынікі майго міні-эксперыменту кожны можа размець па-свойму. Зрэшты, магчыма яшчэ хтосьці і адкажа. Але я, на жаль, зрабіў для сябе сумную выснову: праца з людзмі для нашай палітычнай эліты не на першым месцы, а магчыма і не трэцім ці чацьвёртым. Калі хтосці закідвае навіны на сайт, то чаму б яму не адаказаць, што “пачакайце, з вамі звяжуцца”.
Чалавек, які чакае пяць дзён адказу ад людзей, якія прэтэндуюць на галоўную пасаду ў краіне, можа страціць усялякі імпэт штосьці рабіць. Думаю, што Саша Волкаў меў права расчаравацца і сказаць: а пайшлі Вы ў сраку. Не разумею, навошта купляць людзей за 100 даляраў і адначасова ігнараваць прапанову аб бясплатнай дапамозе. Не выключаю, што хтосьці мог падумаць, што ліст выслала “крывавая гэбня”, але ў такім выпадку лепш увогуле не адчыняць мэйлаў ад незнаёмых.
Карацей, калі я яшчэ пачую ныццё нашых дэмакратаў аб тым, што людзі баяцца і не хочуць займацца шэрай працай, то я проста ўсміхнуся і прыгадаю прастога беларускага хлопца Сашу Волкава.














Комментарии